У дзень затрыманьня Севярынец выказаў салідарнасьць зь Ціханоўскім
7 чэрвеня 2020 году Павал Севярынец удзельнічаў у перадвыбарчым пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую на Камароўскім рынку ў Менску. Ён прыйшоў, каб выказаць салідарнасьць з затрыманым 29 траўня Сяргеем Ціханоўскім і ягонымі паплечнікамі.
На пікеце ён сказаў, што мае найбольшую сымпатыю да гэтага палітыка новай генэрацыі.
Калі Севярынец вяртаўся дадому, яго затрымалі, прысудзілі адміністрацыйны арышт, а пазьней абвінавацілі ў «рыхтаваньні масавых беспарадкаў».
Праваабаронцы палічылі абвінавачаньне палітычна матываваным і абвясьцілі Севярынца палітычным зьняволеным.
Праз два гады калёніі Севярынца пакаралі турэмным рэжымам
25 траўня 2021 году яго асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У красавіку адміністрацыя шклоўскай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму», што аўтаматычна абмежавала ягоную магчымасьць «атаваркі» ў турэмнай крамцы 58 рублямі ў месяц. Яму не давалі званіць дахаты і пакаралі забаронай на чарговае доўгае спатканьне.
У шклоўскай калёніі Павал даведаўся пра сьмерць бацькі (Кастусь Севярынец памёр 1 кастрычніка 2021 году. — РС). Празь некалькі дзён ён даслаў малюнак з партрэтам дзеда Кастуся свайму сыну Францішку. Усяго да вясны 2022 году Павал Севярынец пераслаў 70 сваіх малюнкаў. Яны сталі асновай набору паштовак і календара. А цяпер экспануюцца на выставах, апошняя зь якіх адкрылася ў траўні ў парлямэнце Латвіі.
10 ліпеня 2023 году стала вядома, што палітвязьня перавялі з шклоўскай папраўчай калёніі № 17 у горадзенскую турму № 1, прызначыўшы 3 гады строгага рэжыму.
З таго часу Севярынец, як і многія іншыя знакавыя палітзьняволеныя, знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
Першы раз Паўла пазбавілі волі паводле крымінальнай справы ў 2005 годзе
Яго асудзілі на тры гады так званай «хіміі» за арганізацыю пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. З улікам амністыі тэрмін скараціўся да двух гадоў. Павал адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну на поўначы Беларусі да 2007 году.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Севярынец быў у штабе кандыдата Віталя Рымашэўскага. Паўла арыштавалі пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня 2010 году і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.
16 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску пакараў яго трыма гадамі гэтак званай «хіміі» за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
Павал Севярынец цалкам адбыў тэрмін пакараньня ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.
З 2007 году праваабаронцы «Вясны» вялі статыстыку пакараньняў актывістаў. Паўлу Севярынцу за гэты час прысудзілі 19 арыштаў на 292 дні і больш за паўсотні штрафаў на 1431 базавую велічыню.
А ўвогуле ў палітыцы Павал з 1995 году, калі ўступіў у БНФ. У 1997-м ён стаў сустаршынём «Маладога Фронту».
У 2009-м быў адным з заснавальнікаў правацэнтрысцкай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.
Павал Севярынец — аўтар больш як дзясятка кніг
У 2006 годзе ён атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча за цыкль артыкулаў, напісаных у высылцы ў Малым Сітне, якія пазьней выйшлі кнігай «Лісты зь лесу».
За зборнік «Беларуская глыбіня», напісаны падчас наступнага абмежаваньня волі ў Купліне, у 2014 годзе Севярынца ўганаравалі прэміяй імя Францішка Аляхновіча.
«Калі будуць у цябе пытацца, дзе тата, так і адказвай: „Тата ў турме за Беларусь“. Бог гэта дапускае на некаторы час».Павал Севярынец — сыну Францішку
У лістападзе 2020 года ён стаў ляўрэатам народнай прэміі беларусаў замежжа «За асабістую мужнасьць».
У 2021-м за раман «Беларусалім. Сэрца сьвятла» Паўлу Севярынцу прысудзілі беларуска-ўкраінскую літаратурную прэмію «Воін сьвятла» імя Жызьнеўскага.
Ён таксама ўзнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і прэміяй «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.
На аўтарскім сайце Паўла Севярынца сабралі 10 яго знакавых цытат, некаторыя зь іх сталі вядомымі лёзунгамі:
- «Верым, можам, пераможам!»
- «Беларусь — гэта сьвятое!»
- «Беларусы — гэта 10 мільёнаў геніяў».
- «Гармонія беларускага праваслаўя, каталіцтва і пратэстанцтва — формула сусьветнага хрысьціянскага трыадзінства: у Імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога».
- «Беларусі патрэбная маральная рэвалюцыя».
- «Наша сыстэма каардынатаў — Курапацкі крыж».
- «У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы».
- «Полацкае княства — вечавая хрысьціянская дэмакратыя. ВКЛ — шляхоцкая хрысьціянская дэмакратыя. Будучыня Беларусі — Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
- «Бойся Бога і больш нікога!»
- «Беларуская нацыянальная ідэя — гэта Ісус Хрыстос, Які размаўляе па-беларуску».
Бібліяграфія Паўла Севярынца
- «Ды-джэй Адраджэньня» (1998)
- «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002)
- «Нацыянальная ідэя» (2005)
- «Лісты з лесу» (2007)
- «Брату» (2007)
- «Люблю Беларусь» (2008)
- «Маладафронтаўцы» (2009) (сумесна з Настай Палажанкай)
- «Беларуская глыбіня» (2014)
- «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя: 1917–2017» (2017)
- «Сто асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» (2017, адзін з аўтараў)
- «Беларусалім. Золак» (2017)
- «Каменнае сэрца» (2018)
- «Беларусалім. Сэрца сьвятла» (2020)
Тры вершы Паўла з-за кратаў
Сястры Ганьне
Ён не сказаў, што будзе лёгка,
Ён абяцаўся быць з табой,
І Ён заўсёды недалёка:
Захочаш — і убачыць вока,
Паверыш — і кранеш рукой.
Ён не сказаў: «Папросіш цуду —
Зраблю табе, як фокус, цуд».
Я проста буду. Побач буду.
Забудзеш ты — я не забуду.
Ты ў брудзе — я з табой у бруд.
Ты плачаш? Ён з табою плача.
Сьмяесься? — Сьмешна і Яму.
Ён не дае табе задачаў,
Не прымушае жыць іначай,
Што хоча Ён? Цябе саму.
Схаваўся у віне ды хлебе,
Ў тваёй душы — і угары.
З табою — у любой патрэбе:
Ты хочаш вечна жыць на небе?
Я заплаціў. Тваё. Бяры.
Калі адчыненыя дзьверцы —
Ён прывядзе у твой пакой
Анёлаў і адзінаверцаў,
Як толькі адгукнецца сэрца
На ціхі шэпт: «Ідзі за мной».
12 кастрычніка 2023 году, горадзенская турма
Беларуская — мова любові
Беларуская — мова любові.
Ненавідзець — ня ў нашай крыві.
Бо сказана у нашай мове:
«Пачынаецца ўсё з любві».
Беларуская — мова любові.
Толькі сэрцам магчыма пачуць:
Тут крыніцы бруяць у размове
І над кветкамі пчолы гудуць.
Беларуская — мова любові,
І, каб бліжні бяз клопату жыў,
Мы і родным у шчасьці адмовім,
І сябе аддадзім на крыжы.
Беларуская — мова любові.
Гэтай мовы у нас не адняць:
Мы і храмы, і замкі адновім,
Каб маліцца, сьпяваць і кахаць!
Беларуская — мова любові,
І калі ты яе зьбярог,
Нават у адзінюткім слове
Цябе ў вусны цалуе Бог.
Беларуская — мова любові:
Хрысьціянаў з усіх краёў
У Самім Хрысьце як аснове
Беларусь яднае наноў.
Адгукнецца ў Менску і Шклове:
«Не хлусі. Не крадзі. Не забі».
Беларуская — мова любові.
Калі ты беларус — любі.
5 лютага 2023 году, шклоўская калёнія
Каралеве ва ўзросьце Хрыста
Сем месяцаў мы не заплюшчвалі вочы
Побач адно з адным,
Сем год мы дыхалі дні і ночы
Ветрам і Духам Сьвятым.
І хай яшчэ будзе сем сядзьмінаў
Жывыя плоцьцю адной —
Ніколі я цябе не пакіну,
Заўсёды буду з табой.
Заўсёды з табой, мая Каралева,
Як мы абяцалі там,
Дзе Госпад нашчадкаў Адама і Евы
Навечна злучае Сам.
Хай лёд, хай мор, хай халоднае мора,
Хай сэрца замрэ ад тугі —
У шчасьці разам, разам і ў горы
Па самыя берагі.
Бо Ён Сваіх дзяцей не пакіне
Ні ў радасьці, ні ў бядзе:
Возьме на рукі, вынесе з плыні,
Нават калі ўпадзем.
У гэтым узросьце, мая Сьвятая,
Госпад пайшоў у сьвет.
У гэтым узросьце і мы ступаем
У Ягоны ледзь бачны сьлед.
У гэтым веку, мая Агнюся,
Палаць нам Ягоным агнём.
Сэрца гарыць — быць спадзяюся
Вартым цябе Каралём.
Краіна рушыць шляхам Ягоным,
Над імі Ягоны сьцяг.
Біч, суды, пляўкі і праклёны
І нават цьвікі ў касьцях.
Калі мы і праўда Яго насеньне
І ў нас Ягоная кроў —
Мы станем народам Уваскрасеньня
І ў сьвет панясем любоў.
Мы зробім нашы душы празрыстымі,
Каб, што бы там ні было,
У Беларусі, яснай і чыстай,
Зазьзяла Яго сьвятло.
Анёлы ў небе сьпяюць «Алелюя!»
Насустрач новаму дню,
І хай нішто цябе не хвалюе —
У дзьверы я пазваню.
Выпрабаваньня няма звыш сілаў,
Як у цудоўным сьне.
Таму не сумуй, Каханая, Мілая:
Проста чакай мяне.
На сёньня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 1182 чалавекі.
Форум