Матольку налічылі віны на 118 гадоў, але далі толькі 20. Ён расказаў, колькі за што

Антон Матолька, архіўнае фота

Засуджаны да 20 гадоў калёніі блогер Антон Матолька апублікаваў у Фэйсбуку дэталі прысуду, які завочна вынес яму Горадзенскі абласны суд.

У чым абвінавацілі і што прысудзілі:

  • змова з мэтай захопу ўлады – 12 гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 000 рублёў);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў – 12 гадоў;
  • арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак – 3 гады;
  • распальваньне сацыяльнай варожасьці зь цяжкімі наступствамі – 12 гадоў;
  • публічныя заклікі да захопу ўлады, да актаў тэрарызму і да санкцый – 12 гадоў ша фтрафам у 1000 базавых (42 000 рублёў);
  • пагроза гвалтам у дачыненьні да Лукашэнкі – 6 гадоў;
  • паклёп на Лукашэнку – 5 гадоў;
  • публічная абраза Лукашэнкі – 3 гады;
  • публічная абраза Лукашэнкі, спалучаная з абвінавачаньнем у асабліва цяжкім злачынстве – 4 гады;
  • распаўсюджваньне «заведама ілжывых зьвестак» аб Беларусі – 4 гады са штрафам 800 базавых (33 600 рублёў);
  • стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваньнем – 6 гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 тысячы рублёў);
  • паўторнае стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваньнем – 9 гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 тысячы рублёў);
  • зборы для «забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці» – 6 гадоў са штрафам у 800 базавых (33 600 рублёў);
  • прадстаўленьне маёмасьці для «забесьпячэньня дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» – 5 гадоў;
  • іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (групавое) – 6 гадоў са штрафам у 700 базавых (29 400 рублёў);
  • здрада дзяржаве – 13 гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 000 рублёў).


Вынік – 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 84 000 рублёў (2000 базавых велічыняў). Тэрмін пакараньня будзе вылічвацца зь дня затрыманьня.

У рамках прысуду вырашана спагнаць у даход дзяржавы 668 883,45 рублёў кошту маёмасьці Антона Матолькі.

Суд наклаў арышт на:

  • аўтамабіль Mazda MX-3 1994 гаоду выпуску,
  • садовы домік і зямельны ўчастак у Ждановіцкім сельсавеце Мінскага раёну,
  • 49,75 даляраў, 15,06 эўра, 30,77 рублёў і 1,31 эўра на рахунках у банках,
  • пляншэт iPad A1337 з USB-кабэлем.

Рэчавыя доказы ў выглядзе DVD-R і CD-R дыскаў вырашана захоўваць пры матэрыялах справы, як і 6 бэйджаў на імя Антона Матолькі і два значкі з надпісам «Свабода».

  • Блогер, грамадзкі дзеяч, кіраўнік вайсковага маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн» Антон Матолька некалькі гадоў таму зьехаў зь Беларусі. Улады прызналі заснаваныя ім праекты («Матолька Дапамажы» і «Беларускі Гаюн») «экстрэмісцкімі». Яго самога ў 2021 годзе ўнесьлі ў сьпіс людзей, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». У лютым 2025 году «Беларускі Гаюн» аб'явіў аб спыненьні працы – пасьля таго як невядомыя ўзламалі чат-бот тэлеграм-каналу праекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Матольку завочна пакаралі 20 гадамі пазбаўленьня волі