Колькасьць дзяцей у закрытых выхаваўчых установах Беларусі дасягнула максымуму з 2015 году

Беларускі суд. Ілюстрацыйнае фота

У 2024 годзе ў спэцыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых установах знаходзіліся 263 дзіцяці. Гэта вынікае з базы зьвестак Белстату. Гэта рэкордная колькасьць з 2015 году, калі пачалі весьці такую статыстыку, паведаміла «Зеркало».

Годам раней там было амаль на 20% менш дзяцей — 211. А ў 2022-м удвая менш — 131 непаўналетні.

У Беларусі ёсьць чатыры спэцыяльныя ўстановы закрытага тыпу для «цяжкіх» падлеткаў: тры для хлопчыкаў, адна — для дзяўчынак. Туды зьмяшчаюць непаўналетніх ад 11 да 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў асаблівым выхаваньні, у тым ліку з псыхафізычнымі асаблівасьцямі або пэўнымі захворваньнямі.

Падлеткаў адпраўляе ў такую ўстанову суд за крымінальныя злачынствы або пасьля трох правапарушэньняў, калі судзьдзя палічыць, што дзіця ня выправілася.

Матэрыялы суду падае камісія ў справах непаўналетніх і міліцыя.

Летась прысуды ў крымінальных справах вынесьлі 593 падлеткам, зь іх 152 чалавекі пакаралі зьняволеньнем. 41 непаўналетняга асудзілі паводле «палітычных» артыкулаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлеткаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты на фоне салюту ў Магілёве, знайшлі і прымусілі выбачыцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьні ў 2020-м, арышт у 2024-м, эміграцыя ў 2025-м. Гісторыя 21-гадовага беларускага «тэрарыста»