З пачатку чэрвеня гэта ўжо трэці моцны ўдар стыхіі па краіне. І ў другі раз за тыдзень найбольш пацярпела Менская вобласьць.
Не пасьпелі надвячоркам 6 чэрвеня энэргетыкі адрапартаваць пра аднаўленьне электразабесьпячэньня ўсіх пацярпелых напярэдадні населеных пунктаў, як уначы з 7 на 8 чэрвеня зноў наляцела бура.
Ад падзеньня дрэваў і галін зьнікла электрычнасьць у 112 паселішчах.
Найбольш пацярпелі Пухавіцкі, Слуцкі, Маладачанскі і Мядзельскі раёны, паведаміла Менскэнэрга.
Не абышла навальніца і Менск. На некалькіх дарогах спыняўся рух грамадзкага транспарту.
У Берасьцейскай вобласьці безь сьвятла засталіся 52 паселішчы. Найбольш зь іх — у Ляхавіцкім, Кобрынскім, Берасьцейскім, Маларыцкім, Пінскім, Лунінецкім, Івацэвіцкім і Столінскім раёнах, паведамілі берасьцейскія энэргетыкі.
Паводле сэрвісу lightningmaps.org, мінулая ноч у Беларусі была самай бліскавічнай у Эўропе.
5 чэрвеня стыхія пакінула безь сьвятла больш за 220 населеных пунктаў у Менскай вобласьці. У сталіцы залівала дарогі. У Горадні некалькі дрэваў упалі на машыны, грамадзкі транспарт ня мог праехаць затопленымі вуліцамі.
3 чэрвеня, стыхія бушавала на Гомельшчыне. Вецер паламаў каля 10 стрэх і паваліў каля 140 дрэваў, якія пашкодзілі 6 аўтамабіляў. Падчас залевы легкавік у Жлобінскім раёне выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з грузавіком — тры чалавекі загінулі.
Форум