Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская ПВК «Вагнэр» пакідае Малі, але расейскі кантынгент у гэтай краіне застанецца


Вагнэраўцы каля баявога верталёту, архіўнае фота
Вагнэраўцы каля баявога верталёту, архіўнае фота

«Афрыканскі корпус», кантраляванае Крамлём паўваеннае фармаваньне, у пятніцу заявіў, што застанецца ў Малі пасьля таго, як расейская прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» пакіне краіну пасьля 3,5-гадовай дзейнасьці.

«Вагнэр» знаходзіцца ў Малі ад таго часу, як малійскае войска, якое захапіла ўладу ў выніку двух дзяржаўных пераваротаў у 2020 і 2021 гадах, выгнала францускіх вайскоўцаў і вайскоўцаў ААН, якія ўдзельнічалі ў барацьбе з ісламскімі паўстанцамі на працягу дзесяцігодзьдзя.

«Афрыканскі корпус» быў створаны пры падтрымцы Міністэрства абароны Расеі пасьля таго, як заснавальнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын і яго камандзір Дзьмітрый Уткін узначалілі няўдалы ваенны мяцеж супраць кіраўніцтва расейскага войска і адправіліся ў Беларусь з іншымі наймітамі.

Каля 70-80% «Афрыканскага корпусу» складаюць былыя найміты «Вагнэра». Гэта інфармацыя паводле некалькіх чатаў у Telegram, якія выкарыстоўваліся расейскімі наймітамі, што зафіксавала агенцтва Reuters.

«Вагнэр» апублікаваў у сваіх сацыяльных сетках, што вяртаецца дадому пасьля «пасьпяховага завяршэньня місіі ў Малі». Расейцы дадалі, што ўсе рэгіянальныя цэнтры краіны вярнуліся пад кантроль малійскай ваеннай хунты, выцесьніўшы ісламісцкія сілы і забіўшы іх камандзіраў.

«Вагнэр» не сказаў, што яго байцы будуць рабіць у Расеі.

«Афрыканскі корпус» заявіў у сваім Telegram-канале, што сыход «Вагнэра» не прывядзе да кардынальных зьменаў, бо расейскі кантынгент застанецца ў Малі.

Міністэрства абароны Малі не адразу адказала на просьбу аб камэнтары.

У апошнія тыдні ў гэтай заходнеафрыканскай дзяржаве адбылася сэрыя нападаў, у выніку якіх, па словах паўстанцаў, загінула больш за 100 малійскіх салдат і некалькі наймітаў.

«Джамаа Нусрат уль-Іслам ва аль-Мусьлімін» (JNIM), паўстанцкая групоўка ў рэгіёне Сахель у Заходняй Афрыцы, узяла на сябе адказнасьць за атакі апошніх дзён, у тым ліку за выбух бомбы ў сераду, накіраваны супраць малійскіх і расейскіх жаўнгераў каля сталіцы Бамако.

Расея імкнецца замяніць «Вагнэр» «Афрыканскім корпусам», заявіў у інтэрвію Ульф Лесінг, кіраўнік праграмы Сахеля нямецкага фонду Конрада Адэнаўэра.

«Тое, што ініцыятыву пераняў „Афрыканскі корпус“, азначае, што расейская ваенная дзейнасьць у Малі будзе працягвацца, але ўвага можа пераключыцца на падрыхтоўку і забесьпячэньне абсталяваньнем, а не на саму барацьбу з джыхадыстамі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG