Дата дня
6 чэрвеня 1979 году нарадзіўся Дзяніс Івашын. Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). У верасьні 2022 году журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор і распаўсюд зьвестак пра прыватнае жыцьцё) Крымінальнага кодэксу.
За кратамі Івашын зазнае моцнага ціску. Яго неаднаразова кідалі ў ШЫЗА і пазбаўлялі тэлефанаваньняў і перадач.
Таксама ў гэты дзень
1633 — кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ліпнішкам магдэбургскае права і герб: „у чырвоным полі вершнік зь дзідай у руцэ“.
1664 — войска гетмана Міхала Казімера Паца перамагло маскоўскае войска пад Віцебскам.
1757 — пажар зьнішчыў віцебскі Ніжні замак, які пасьля так і не аднавіўся.
1794 — адбылася бітва пад Шчэкацінамі, паміж войскамі Рэчы Паспалітай і аб’яднанымі войскамі Расейскай імпэрыі і Каралеўства Прускага.
1962 — заснавана Беларускае таварыства аховы прыроды.
1982 — адбылося ізраільскае ўварваньне ў Лібан.
1996 — стварылі Беларускую лігу інтэлектуальных каманд, якая ладзіць інтэлектуальныя гульні і турніры. Напрыклад, «Што? Дзе? Калі?», «Свая гульня», «Эрудыт-квартэт» і іншыя.
2019 — Алесь Пушкін выйшаў да крамы „Эўраопт“ у цэнтры Крупак з плякатамі Achtung Russia! і Bloodymir! з выявамі Пуціна, плякатамі Stop russian agression on Europe, Russia — war! («Расея — вайна»), „Беларусь у NATO“.
2023 — Ільля Сільчукоў, звольнены зь Менскай опэры за пратэсты, дэбютаваў на сцэне La Scala ў опэры Дворжака „Русалка“.
У гэты дзень нарадзіліся
1686 — Антоні Юзэф Жалкоўскі, рымска-каталіцкі дзеяч, біскуп.
1762 — Вiсарыён Паўлаў, архітэктар.
1799 — Аляксандар Пушкін, расейскі паэт і пісьменьнік.
1841 — Эліза Ажэшка, польска-беларуская пісьменьніца. Раньнія раманы і аповесьці Ажэшкі «Пан Граба», «Марта» прысьвечаныя тэме барацьбы жанчын за свае правы. Шырокае прызнаньне пісьменьніцы прынесьлі раманы «Над Нёманам», «Мэір Езафовіч», «Арганаўты», апавяданьні са зборніка «З розных сфэраў», аповесьці з жыцьця беларускага сялянства «Нізіны», «Дзюрдзі», «Хам» і інш. Эліза Ажэшка была двойчы намінаваная на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры (у 1904 і 1909).
1864 — Іван Здановіч, лекар, дабрачынец, заснавальнік вучылішча для сьляпых у Менску.
1875 — Томас Ман, нямецкі пісьменьнік.
1910 — Антон Антановіч, мовазнавец, дасьледнік кітабаў.
1950 — Аляксей Дудараў, драматург.
У памяці
1934 — Браніслаў Эпімах-Шыпіла, беларускі выдавец, мовазнавец, культурны і рэлігійны дзеяч.
1961 — Карл Густаў Юнг, нямецкі і швайцарскі псыхіятар.
1964 — Альбіна Асіповіч, амэрыканская спартоўка беларускага паходжаньня.
1991 — Стэн Гэтц, амэрыканскі джазавы саксафаніст.
2011 — Уладзімер Конан, беларускі філёзаф, літаратуразнаўца, крытык.
2018 — Эдуард Зарыцкі, кампазытар, народны артыст Беларусі.
2022 — Мікола Аляхновіч, літаратар, лінгвіст.